«В.Быкаў. «Незагойная рана» — чытанне са спыненнямі»


В.У. Быкава “Незагойная рана”
Прыём “Чытанне з прыпынкамі”
(Прыём “Чытанне з прыпынкамі”)
Заўвага
На пэўных момантах тэксту настаўнік робіць спыненні і задае ўдакладняючыя пытанні, звяртаючы ўвагу на важкія дэталі.
Буяе над абшарамі сцюдзёны асенні вецер, змятае пад прызбы пажоўклае лісце, гайдае мокрае галлё ў садку. Гарэзным свавольнікам выскаквае ён з-за вуглоў на цесны панадворак, цярэбіць саламяную страху хлеўчука, нібы дурэючы, тузае па Тэклінай спіне блытаныя махры яе хусткі.
СПЫНЕННЕ 1 – Чаму аўтар ужывае ў апісанні словы “свавольнікам”, “цярэбіць”, “дурэючы”, “тузае”? (Нібы сама прырода – а акрамя яе ў старой жанчыны нікога – вяртае Тэклю да жыцця, паджартоўвае з яе, хоча скалынуць яе сэрца, абудзіць ад болю)
Ад ветру і холаду ў старой макрэюць запалыя вочы, яна раз-пораз выпростваецца і, прыставіўшы да чурбана выслізганае тапарышча, ражком хусткі выцірае слёзы. Потым яна стомлена ўздыхае і акідвае позіркам тыя некалькі паленцаў, што ўжо адсечаны ад жардзіны. Жанчына вельмі стамілася, а насекла столькі, што не хопіць і разу прапаліць у печы. Спачыўшы з хвіліну і аддыхаўшыся, яна зноў прыступае нагой на тую жардзіну і ўзмахвае вышчарбленай сякерай.
СПЫНЕННЕ 2 – Чаму сякера “вышчарбленая”? (Няма каму клапаціцца аб Тэклі. Яна ўсё, што ў яе ёсць)
Над пустым бульбянішчам Тэклінага агароду, над недалёкім выганам і дарогай, што, узбегшы на ўзгорак, хаваецца ў шэрай далечы, марудна паўзе восеньскі адвячорак. Некуды спяшаюцца імклівыя пакудлачаныя хмары ў небе, за хатамі ў вёсцы трывожна бляе авечка і недзе разважна гяргечуць гусі.
СПЫНЕННЕ 3 – Чаму “за хатамі ў вёсцы трывожна бляе авечка”? (Трывожна чакае сама Тэкля навін ад паштальёна)
Тэкля сячэ, адпачывае ў кароткіх перапынках і ўвесь час азірае дарогу. Відаць па ўсім, што яна кагосьці чакае, і гэтае чаканне балючым адбіткам тугі і надзеі свеціцца ў яе слязлівых вачах.
СПЫНЕННЕ 4 – Чаму так піша аўтар: “чаканне балючым адбіткам тугі і надзеі свеціцца ў яе слязлівых вачах”? (Чакае старая добрых навін, а сэрцам, магчыма, прадчувае, што тое добрае даўно абмінае яе хату)
Нарэшце на пагорку з’яўляецца імклівая постаць веласіпедыста, і Тэкля па нейкіх адной ёй вядомых прыкметах пазнае ў ім калгаснага пісьманосца. Веласіпедыст набліжаецца абочынай дарогі, потым унізе, пад пагоркам, злазіць з машыны, выводзіць яе з калдобін і зноў сядае, локцем адкінуўшы на спіну цяжкую сваю сумку.
Па меры яго набліжэння старую ўсё больш ахоплівае нецярплівасць. Яна кладзе сякеру і з незагароджанага двара выходзіць на гразкую вуліцу. Рукі яе неспакойна блукаюць па грудзях, без патрэбы абмацваюць світку, твар зморшчыўся ў пакутлівым выразе чакання, і ў вачах – нясцерпная туга надзеі. Калі пісьманосец звярнуў з дарогі ў вуліцу, жанчына па гразі шкандыбае насустрач, нібы баючыся, што ён без увагі абміне яе.
СПЫНЕННЕ 5 – Чаму так паводзіць сябе Тэкля: “Рукі яе неспакойна блукаюць па грудзях, без патрэбы абмацваюць світку”? (Яна нібы выцірае рукі, каб чыстымі былі: рыхтуецца атрымаць ад пісьманосца ліст…)
Пісьманосец прыцішвае бег веласіпеда, але не спыняецца, а, узняўшы на жанчыну насуплены твар зморанага чалавека, груба папракае старую:
– Ну што ты мяне пільнуеш усё? Няма ж табе нічога. Нічога няма! – крычыць ён у твар жанчыне і знікае за рогам.
СПЫНЕННЕ 6 – Чаму так сябе паводзіць пісьманосец: “узняўшы на жанчыну насуплены твар зморанага чалавека, груба папракае старую:
– Ну што ты мяне пільнуеш усё? Няма ж табе нічога. Нічога няма! – крычыць”? (Магчыма, ён стаміўся ад яе “сустраканняў”, а магчыма, больш за яе сэрцам адчувае, што чакае старая дарэмна – хоча вярнуць яе да рэчаіснасці)
Старая нібы камянее на месцы, доўга яшчэ глядзіць услед праезджаму, і ў вачах яе – боль і здзіўленне. Нейкі час яна стаіць так без слоў і без руху, аглушаная няласкай чалавека. “Нічога няма”, – шэпчуць яе засмяглыя палінялыя вусны, і жанчына паволі ўнікае ў сэнс гэтых грубых слоў. Разбітай цяжкай хадою яна вяртаецца на панадворак да сваёй сякеры, але не падымае яе, а доўга стаіць над жардзінай і ўсё пазірае ў імглістую далеч. Па яе пасівераных рудых шчоках ціха коцяцца слёзы.
СПЫНЕННЕ 7 – Чаму аўтар ужывае пры апісанні жанчына словы “камянее”, “аглушаная”? (Яна нібы сама сабе не належыць; яе, магчыма, ужо на свеце няма ў большай ступені, чым яе сына…)
Яна доўга яшчэ глядзіць на сумны пагорак, гразкую дарогу і бачыць над гэтай мясцінай цёплы ліпеньскі дзень, высокае яснае неба і густое жыта абапал дарогі.
СПЫНЕННЕ 8 – Ці не з’яўляецца, на ваш погляд, гэта своеасаблівым алагізмам; ці адэкватная гэта старая жанчына? (Адэкватная. Ёй проста хочацца сагрэцца халодным восеньскім днём. Роднага рэальнага чалавека ў яе няма. Тады любы з нас можа сагрэцца ўспамінамі. Наша душа – тое месца, дзе мы можам нагнаць любы час, сустрэцца з кім заўгодна. А самае галоўнае, што пра гэта можа нават ніхто і не даведаецца – дзверы нашай душы мы можам расчыніць іншаму чалавеку толькі пры ўласным жаданні яго туды ўпусціць)
Гэта было ў той, ужо далёкі, памятны год, калі пачалася вайна. І тады яна таксама стаяла тут і з роспаччу ў сэрцы пазірала на гэты шлях, а ногі яе імкнуліся бегчы туды, за ім, адзіным сынам, яе Васем. Шпаркай хадой рухавага чалавека ён хутка аддаляўся, па самыя плечы затулены ўмалотнай высокай збажыной, не азірнуўся, аж покуль не адышоўся далёка. А яна, не адрываючы ад яго позірку, несціхана галасіла, вочы засцілалі слёзы і не давалі нагледзецца апошні раз на сваю васемнаццацігадовую надзею, сваё шчасце, частку яе матчынага сэрца. Толькі пасля ён спыніўся, павярнуўся да маткі, да роднай хаты і вёскі, пастаяў так, памахаў рукой, бы навек развітваўся з усім родным, сваім маленствам, маладосцю, і потым хутка знік за пагоркам.
СПЫНЕННЕ 9 – Вы ведаеце, напэўна, што такое расстанне. Чаму, на вашу думку, матуля не магла адарваць ад яго позірку, а сын… нават не азірнуўся? Ён нейкі раўнадушны, калючы? Ці яго паводзіны абумоўлены нечым іншым? (Ён сын! Добры, адданы, надзейны сын. У яго сэрца. Яно, магчыма, рвалася не менш, чым матуліна. І каб матуля хутчэй яго “адпусціла”, ён сам гнаў хутчэй сябе прэч. Азірнешся – бы зноў будзеш развітвацца спачатку: новая і новая рана на сэрцы. А не павернешся – быццам бы прывучаеш сябе і таго, каго пакідаеш, да расстання як безвыходнасці)
І знік, відаць, назаўсёды...
СПЫНЕННЕ 10 – Чаму аўтар ужывае слова “відаць”? (Тэкля, хутчэй за ўсё, даўно адчувала, што сына няма жывога на свеце. Але пакуль яна чакала – у яе была надзея. Надзея – апошняе, што можна забраць у чалавека. Часам гэтым можна яго і знішчыць...)
Шаснаццаць страшных, нясцерпных год штогадзінным болем адмералі свой лік у матчыным сэрцы. Шаснаццаць год чакання, надзей, незабыўнага трывожнага спадзявання. Часам прыходзілі пісьмы ў розных канвертах і з зусім аднолькавым зместам: радавы Сподак Васіль Іванавіч у спісах забітых і прапаўшых без вестак не значыцца. Яны бянтэжылі і абнадзейвалі, гэтыя пісьмы, але ішоў час, а надзеі не спраўджваліся.
СПЫНЕННЕ 11 – Чаму твор мае такую назву? Як вышэй агучаны тэкст дапаможа нам адказаць на гэта пытанне? (Раны на сэрцы матуль нашых, якія пакідаюць дзеці, ніколі не загойваюцца. “Шаснаццаць страшных, нясцерпных год штогадзінным болем адмералі свой лік у матчыным сэрцы” і тым нанеслі яму пажыццёвую рану. Яна будзе крывавіць, пакуль будзе гэта сэрца біцца. Раны на целе – рубцы, раны на сэрцы – боль…)

Приложенные файлы


Добавить комментарий