Урок-абагульненне: Зямля мая – зялёны дом


План-канспект урока беларускай літаратуры
Тэма: Зямля мая – зялёны дом (слайд 1)
Дата: 06.05.2011
Клас: 6 В
Тып урока: урок-абагульненне
Тэхналогія: асобасна-арыентаванае навучанне
Выкарыстаныя прыёмы, формы навучання: калектыўная, індывідуальная работа; чытанне, гутарка, творчы каментарый, рэпрадуктыўна - прадуктыўная работа з тэкстам, ілюстрацыямі, разнастайнымі сітуацыямі, самастойная творчая работа.
Абсталяванне: Мультымедыйная прэзентацыя, дыдактычны матэрыял для кожнага вучня, далоні для рэфлексіі, выстава малюнкаў і экалагічных знакаў
Мэта ўрока:
Абагульніць і паглыбіць веды вучняў па экалагічнай тэме;
Садзейнічаць фарміраванню ў вучняў экалагічнай культуры, развіваць уменне разважаць, аналізаваць, назіраць, удасканальваць маўленчыя здольнасці вучняў;
Фарміраваць актыўную грамадзянскую пазіцыю школьнікаў у дачыненні аховы прыроды, выхоўваць этыку зносінаў, культуру маўлення.
Ход урока:
І. Арганізацыйны момант
ІІ. Паведамленне тэмы і мэты ўрока (слайд 2)
Сёння на ўроку будзем падводзіць вынікі нашай працы па раздзеле “Зямля мая – зялёны дом”. На працягу 8-мі ўрокаў мы знаёміліся з пунктам погляду на экалагічную сітуацыю беларускіх пісьменнікаў, а сёння Вы ўжо самі паспрабуеце выказаць сваё меркаванне па дадзенаму пытанню. Да таго ж на ўроку мы будзем паглыбляць веды па экалагічнай тэме, развіваць уменне разважаць, аналізаваць, назіраць, удасканальваць маўленчыя здольнасці.
Працаваць мы будзем па наступным плане: ( слайд 3)
1.Праверка дамашняга задання
(віктарына па пройдзеных творах)
2. Інфармацыйны блок
А) Падарожжа па роднай зямлі “Два бакі аднаго медаля”
Б) Знаёмства з глабальнымі экалагічнымі праблемамі.
3.Практычны блок
А) Віртуальны экалагічны рэйд “ Якія законы прыроды парушаны?”
Б) Ці можам мы з Вамі паўплываць на экалагічную сітуацыю?
ІІІ. Праверка дамашняга задання ( слайд 4-13)
Віктарына па пройдзеных творах
Суаднясіце назву твора і аўтара.
Аўтар Назва твора
Іван Пташнікаў А.Сармацкае кадзіла
Пімен Панчанка Б.Багіра
Янка Маўр В.Алені
Алесь Жук Г.Стары бабёр
Што аб’ядноўвае сіні званочак, венерын чаравічок, сон-траву, кураслеп лясны, з назвамі якіх Вы сустрэліся ў вершы “ Сармацкае кадзіла”?
Хто вінаваты ў тым, што ў жыцці баброў не стала спакою (па творы “Стары бабёр)?
Пра які інстынкт кошкі піша аўтар ў творы “Багіра”?
Працягніце радок верша Пімена Панчанкі “ Вясёлай маланкаю ластаўка бліскае”
“ Хто птушку пакрыўдзіць – ?………………..”
Якая ідэя аб’ядноўвае ўсе прачытаныя намі творы з раздзела “Зямля мая –
зялёны дом”?
Перакладзіце назвы раслін: подорожник, зверобой, клевер.
Перакладзіце назвы ягад: земляника, клубника, голубика.
Перакладзіце назвы кветак: василёк, одуванчик, роза.
Перакладзіце назвы птушак і жывёл: кабан, филин, летучая мышь.
IV.Праца па тэме ўрока
Інфармацыйны блок
Падарожжа па роднай зямлі “Два бакі аднаго медаля”
Слова настаўніка: (слайд 14)
Зямля мая, ты для мяне—як дзівы,
Як першы дотык любае рукі,
Як у спякоту млосную ільдзінка,
Як на кашулі белай васількі.
Мне б толькі быць з табой—
Ну, хоць бы верасам,
Расінкай, што пад промнямі дрыжыць.
Ты пражывеш і без мяне, я ведаю,
А мне ніколі без цябе не жыць.
Я пачала нашу размову з радкоў Сяргея Грахоўскага нездарма. Бо нашу працу ў ролі вучоных-эколагаў мы пачнём з падарожжа па роднай Беларусі. Зараз увага на экран. (слайды краявідаў Беларусі) (слайд 15-28)
Пытанні вучням:
Якія эмоцыі выклікалі ўбачаныя карціны прыроды? (слайд 29)
Якія эпітэты, параўнанні мы можам падабраць для характарыстыкі роднага краю?
Тэма ўрока: Зямля мая – зялёны дом. Чаму прырода параўноўваецца з домам для чалавека?
Слова настаўніка:
Зараз мы ўбачым адваротны бок аднаго і таго ж медаля. Увага на экран. (слайды 30-39)
Пытанні вучням:
Ці захаваліся Вашы станоўчыя ўражанні пасля прагляду фотаздымкаў? Чаму? (слайд 40)
Што стала прычынай змен у прыродзе?
Якая дзейнасць чалавека негатыўна ўплывае на прыроду?
Знаёмства з глабальнымі экалагічнымі праблемамі.
Слова настаўніка:
Вы правільна адзначылі наступствы дзейнасці чалавека, якая негатыўна ўплывае на стан навакольнага асяроддзя. Сёння трэба толькі паглядзець за акно, каб убачыць на зялёным газоне перад домам стаянку; дзесяткі аўтамашын на дарозе, за якімі ўюцца чорныя клубы дыму; дзесьці ўдалечыні можна ўбачыць трубу, над якой узвышаецца агромністае чорнае воблака. Гэта прыклады забруджвання навакольнага асяроддзя, з якімі мы сустракаемся штодзённа. Але гэта праблема не толькі нашага горада, але і усёй планеты Зямля. Адсюль і вынікаюць глабальныя экалагічныя праблемы. Перш чым мы іх агучым, давайце пазнаёмімся з азначэннем паняцця экалагічная праблема і значэннем слова глабальны (праца са слоўнікам). (слайд 41)
Экалагічная праблема – гэта змены ў навакольным асяроддзі ў выніку ўздзеяння чалавека, якія вядуць да парушэння функцыянавання прыроды.
Глабальны – усеагульны, які ахоплівае ўвесь зямны шар, увесь свет.
Заданне вучням:
Давайце паспрабуем спачатку самі агучыць праблемы, якія хвалююць чалавецтва, а пасля звернемся да даведкі, якая ёсць у кожнага на парце. (Вучні самастойна фармулююць, а потым дапаўняюць сваё адказы пры дапамозе падказкі) (слайд 42)
1. Вымірае ўсё больш і больш унікальных відаў раслін і жывёл.
2. Ідзе інтэнсіўная высечка лясоў, якая можа прывесці да неверагодных наступстваў. 3 Імкліва скарачаецца запас карысных выкапняў на ўсей планеце. 4. Парушаецца баланс вады ў прыродзе, акіяны ўжо не выконваюць належную функцыю ў прыродным працэсе. 5. Атмасфера забруджаная, чыстага паветра практычна не засталося. 6. Часткова парушаны азонавы пласт, які абараняе ад шкоднага для ўсяго жывога касмічнага выпраменьвання.
7.Змяняецца клімат, што вядзе да стыхійных бедстваў. 8. На Зямлі не засталося месца, дзе б ні пабываў чалавек і не пакінуў свой след, які змяняе навакольнае асяроддзе.
Калі чалавек зразумее, што ён жыве на бомбе, якая вось-вось узарвецца, толькі тады ён, магчыма, скажа сабе ”хопіць”. Хопіць высякаць лясы, забруджваць вадаёмы, будаваць заводы без сістэм фільтравання, хопіць знічтажаць усё жывое вакол сябе і ствараць толькі штучныя рэчы. Толькі тады магчымыя змены ў лепшы бок.
Фізкультхвілінка.
Лепшы сродак адпачыць ад праблем – звярнуцца да прыроды. Яна заўсёды дапаможа расслабіцца, надасць жыццёвых сіл, натхніць на новыя здзяйсненні. Таму я прапаную адправіцца ў лес, паслухаць спевы птушак і адпачыць на ўлонні прыроды. ( слайд 43)
Практычны блок
Віртуальны экалагічны рэйд “ Якія законы прыроды парушаны?” (слайд 44)
Прослушать
На латинице
Прырода вельмі жорстка карае тых, хто не выконвае яе законаў. Зараз мы правядзем рэйд па вуліцах нашага горада і ўбачым, ці валодаюць яго жыхары экалагічнай культурай. А вось і першы парушальнік.
Сітуацыя №1 (слайд 45)
Завод скінуў у раку сцёкавыя воды, забруджаныя атрутнымі рэчывамі. Чым гэта пагражае вадаёму і жыхарам горада? Як правільна дзейнічаць у гэтай сітуацыі?
Адказы:
1.Гэтыя рэчывы абавязкова асядуць на раслінах, якія жывуць у рацэ. Расліны патрапяць у страўнік рыб, якія харчуюцца травою, разам з атрутнымі рэчывамі. Калі такую рыбу з'есць драпежная, таксічныя рэчывы пераселяцца ўжо ў яе арганізм. Апошняя ж можа трапіцца на кручок чалавеку, і тады чалавек атрымае харчовае атручванне. 2.Трэба прапусціць прамысловыя адходы праз ачыстку.
Ідзем далей. Цяжка становіцца дыхаць!

Сітуацыя №2 (слайд 46)
Дворнікі спальваюць лістоту, каб не вывозіць яе за горад. Чым гэта пагражае нам?
Адказы: 1. Лістота гарадскіх дрэў назапашвае велізарную колькасць таксічных рэчываў: ад аўтамабіляў, заводаў. Яе абавязкова трэба знішчаць. 2. Дворнікі думаюць, што лісце згарыць і проста знікне, але гэта не так: лісце, згараючы, атручвае паветра, выклікаючы хваробы людзей. 3. Лісце трэба вывозіць за горад.
Сітуацыя №3 (слайд 48)
У краме купляем ўгнаенне «біягумус». На ўпакоўцы напісана, што яно выраблена са звычайнага смецця, а зрабіў яго незвычайны чарвяк, выведзены каліфарнійскімі навукоўцамі! Цікавая інфармацыя! Чытаем далей. Гэтыя чарвякі ядуць любы арганічны матэрыял: пілавінне, паперу, кардон, гнілую гародніну, ператвараючы ўсё гэта ў надзвычай каштоўнае арганічнае ўгнаенне - біягумус. А вось поліэтылен, метал і шкло чарвяк не есць, ён яго проста не пераварвае. Каліфарніец дзіўна пражэрлівы: ён з'ядае ў суткі ў два разы больш, чым важыць, а яшчэ ён не пераборлівы і выдатна адчувае сябе пры тэмпературы ад +4 да +40 градусаў С. Жыве гэты працаўнік цэлых 16 гадоў. Як Вы думаеце, людзі, якія вывелі такога чарвяка, нашкодзілі прыродзе?
Адказы:
Прослушать
1. Гэта, наадварот, строгае выкананне законаў экалогіі. Смецце не ператвараецца ў таксічныя адходы, а дае ежу чарвяку і становіцца каштоўным угнаеннем.2. Чарвяк істота прыродная, ён і ведае, як лепш перапрацаваць адходы.
Сітуацыя №4 (слайд 49)
Мы выехалі за горад, у дачны пасёлак. Калісьці тут было балота, весела квакалі жабы, лёталі камары. Але дачнікі вырашылі пазбавіцца ад балота і пачалі яго асушваць. Да якіх наступстваў для лесу і рэчкі гэта можа прывесці?
Адказы:
1. Ні ў якім разе нельга гэтага рабіць! Асушыўшы балота, можна страціць рэчку, ды і лес прападзе! 2. Калі тут, у гэтым месцы прырода стварыла балота, так тут яму і трэба быць. 3. Для экалагічнай раўнавагі ў гэтым месцы трэба і балота, і жабы, і камары, інакш будзе засуха.
Я бачу, вы нядрэнна засвоілі законы экалогіі. А гэта ўжо адна з прыкмет экалагічнай культуры.
V.Падвядзенне вынікаў урока (слайд 50)
Што робіць дзяржава для паляпшэння экалагічнай сітуацыі ў краіне? ( Згодна з Канстытуцыяй РБ “дзяржава ажыццяўляе кантроль за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў у мэтах абароны і паляпшэння ўмоў жыцця, а таксама аховы і аднаўлення навакольнага асяроддзя. Ствараюцца тэрыторыі, якія асабліва ахоўваюцца: запаведнікі, нацыянальныя паркі, заказнікі, помнікі прыроды рэспубліканскага і мясцовага значэння.)
Ці можам мы з Вамі паўплываць на экалагічную сітуацыю? Як?
Беларускія пісьменнікі, як мы ўпэўніліся з Вамі на папярэдніх уроках, таксама нераўнадушныя да лёсу роднай зямлі. Давайце звернемся да радкоў Янкі Сіпакова, якія стануць своеасаблівым пастскрыптумам да нашага ўрока.
“Мы звыкла карыстаемся прыродным багаццем. Часам нават забываем, што прырода – не толькі для нас адных… Што беручы ў яе ўсё, чым яна так шчодра з намі дзеліцца, трэба думаць пра будучыню і абавязкова пакідаць у ёй месца і той жа рэчцы, і таму ж буслу, і той жа травінцы, і таму ж мурашу. Бо ўсе мы на гэтай зямлі суседзі. Бо зямля ў нас адна, яна агульная для ўсіх. І мы маем радасць суіснаваць на ёй.
Таму, беручы ў прыроды, мы абавязаны ахоўваць яе багацці і павялічваць іх. Беручы – аддаваць.”
Янка Сіпакоў
Якія словы ключавыя ў выказванні?
VІ. Рэфлексія (слайд 51)
У кожнага на парце ёсць далонь. Напішыце на ёй, калі ласка, што можаце зрабіць асабіста Вы для таго, каб мы жылі ў прыгожай краіне, дзе будзе небяспечна і нам, і будучым пакаленням. Прымацуйце свае далоні на дошку – і ўбачыце, што разам мы можам многае.
VІІ. Дамашняе заданне. (слайд 52)
На выбар:
Выразнае чытанне верша беларускага пісьменніка на экалагічную тэматыку;
Паведамленне “Экалагічная сітуацыя ў Наваполацку”;
Крыжаванка “Па старонках Чырвонай кнігі”;
Скласці памятку для гараджан “Як захаваць свой горад прыгожым”.

Приложенные файлы


Добавить комментарий